«Музыкант, кіраўнік, педагог…»
Без мар у мастацтве вяршынь не бывае, Жыве наш каледж у сузор’i гадоў, Усе беларусы песень жадаюць, I росквiту муз, i мелодый i слоў. У. Таран
З кожным годам у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў адно пакаленне змяняе іншае, прыходзяць маладыя абітурыенты, спецыялісты, педагогі, якім гэтак жа неабходна ведаць яго гісторыю. А пачынаецца яна з імя Уладзіміра Васільевіча Тарана - першага дырэктара каледжа. Ён пачынаў. Ён быў тым, хто выгадаваў нашу навучальную ўстанову ад культурна-асветнага вучылішча да каледжа мастацтваў. Каледж - гэта яго дзіцятка, якое ён выхоўваў, вучыў і аберагаў як бацька. 16 чэрвеня 1935 г. - 22 верасня 2009 г. - Дзве даты, а паміж імі 74 гады - так шмат змясціла ў сябе жыццё ...

Нарадзіўся ён у Украіне. Бацька загінуў на вайне. Пасля вайны, калі людзі вярталіся да мірнага жыцця, для 10-гадовага Валодзі пачаліся новыя выпрабаванні - пасля смерці маці ў 1947 годзе ён трапіў у дзіцячы дом. Магчыма, гэты этап жыцця Уладзіміра Васільевіча быў для яго хоць і складанай, часам жорсткай, але школай жыцця.
Аркестр "Акорд" - гэта вяршыня яго творчай дзейнасці, вытокі якой бяруць свой пачатак у дзіцячым доме. Менавіта там ён навучыўся граць на гітары і мандаліне, арганізаваў свой першы аркестр, удзельнічаў у спектаклях.
Менавіта там натхняўся будучы дырыжор і рэжысёр - апантаны сваёй ідэяй чалавек.
Уладзімір Васільевіч стаў музыкам яшчэ не ведаючы нотнай граматы і па слыху кіраваў аркестрам. Ён проста казаў: - "Трэба! Хлопцы! - Граць трэба!". І "хлопцы" гралі...

Украіна падаравала Беларусі свайго таленавітага сына. Служба ў войску праходзіла каля Дзяржынска. Сяржант У. Таран удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. А пасля арміі працаваў мастацкім кіраўніком у дзіцячым доме. І складана сказаць, што паслужыла прычынай таго, што Беларусь стала яго другім домам.
У адным з інтэрв'ю Уладзімір Васільевіч заўважыў: "Па-беларуску я, мабыць, ужо лепш размаўляю, чым па-ўкраінску. Ды і песні, галоўным чынам, таксама беларускія спяваю".
Сёння ў каледжы гучаць ансамблі, аркестры. Напэўна Уладзімір Васільевіч мог бы ганарыцца і навучэнцамі, і педагогамі, якія працягваюць яго справу інструментальнай народнай музыкі.
Многія ведаюць пра фестывалі інструментальнай народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік". Але не ўсе ведаюць пра тое, што ініцыятарам стварэння гэтага фестывалю з'явілася творчая група музыкантаў і кіраўнікоў, у склад якой уваходзіў У. В. Таран.
Лёсам У.В. Тарану наканавана было быць дырэктарам:
- дырэктар Стаўбцоўскага дому культуры,
- дырэктар музычнай школы,
- дырэктар Мінскага обласнога дома народнай творчасці,
- дырэктар МДКМ
... 47 гадоў дырэктар.

Будучы дырэктарам Дома культуры, Уладзімір Васільевіч стварыў на яго базе агіт-тэатр, які пазней атрымаў званне "народны".
30 гадоў свайго жыцця Уладзімір Васільевіч аддаў нашай навучальнай установе. Ён заўсёды даваў людзям больш, чым яны чакалі, і рабіў гэта з радасцю. Чалавек, які выпраменьваў яркае святло, які ўсяляў незвычайную ўпэўненасць у душы тых, хто з ім сустракаўся.
Уладзіміру Васільевічу ад Бога было дадзена выклікаць у чалавека ўсмешку. У арміі ён выступаў на сцэне з гумарыстычнымі нумарамі, а, як быў дырэктарам, кіраваў калектывам з усмешкай. І самым блізкім людзям прысвячаў гумарыстычныя вершы і эпіграмы.
Самая вялікая ўзнагарода Уладзіміра Васільевіча - наша светлая і добрая памяць пра яго - памяць навучэнцаў і выкладчыкаў. Уладзімір Васільевіч пражыў слаўнае і няпростае жыццё. На ўсіх пасадах кіраўніцтва змог годна пранесці лепшыя чалавечыя якасці. Яго асоба, падобна яркай зорцы, па-ранейшаму гарыць у нашай памяці і выклікае ўзнёслыя пачуцці.

На жаль, Уладзімір Васільевіч Таран не дажыў да 35-годдзя каледжа (якое адзначалася ў 2010 годзе). Ён памёр на 74 годзе жыцця (у 2009 годзе). Але каб ні было, ёсць тыя, хто працягвае яго распачатую справу, тыя, хто беражэ цяпло сям'і каледжа, тыя, хто як пажаданне заўсёды будуць памятаць яго бацькоўскае: "Трэба!"

Матэрыял падрыхтавалі: Cакалова Л. А. Мароз К. М.
|