НОЧ МУЗЕЯЎ. НОЧ ТВОРЧАСЦІ.
Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў прымаў удзел у Міжнароднай акцыі "Ноч музеяў - 2012".

Спецыяльнасць "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" па трох напрамках: мастацкая кераміка, апрацоўка дрэва, праца ў матэрыяле (саломапляценне) (старшыня цыклавой камісіі Валялкін В. М.) прадставіла выставу "Традыцыі і сучаснасць" на базе музея гісторыі горада Мінска.




Сёння немагчыма ўявіць культуру Беларусі без ганчароў, разьбяроў па дрэве і майстроў саломапляцення. Менавіта гэтыя тварэнні традыцыйных нацыянальных рамёстваў дапамагаюць нам уносіць ў дамы цяпло і ўтульнасць, паколькі створаны рукамі чалавека.
Салома - матэрыял мяккі, хатні, сямейны. Невыпадкова першай цацкай ў дзяцей ў далёкія часы былі саламяныя лялькі, а над калыскай немаўля падвешвалі саламяны павук. Пано, зробленыя з гэтага матэрыялу, здзіўляюць сваёй працаёмкасцю і мудрагелістымі ўзорамі, якія так і спяшаецца разглядзець вока.
Дрэва - унікальны, падатлівы матэрыял. Менавіта ён стаў сімвалам магічных абярэгаў, якія прыносілі поспех і ахоўвалі ад розных напасцяў. Рэчы, створаныя разьбярамі па дрэве не толькі выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым побыце, але характарызуюцца функцыянальнасцю, да прыкладу: ўпрыгожванні, скрыначкі, кубкі.
Кераміка - мастацтва гліны і агню. Яна даўно стала неад'емнай часткай ўжытку на кухні. Бо посуд з гліны трывалы, прыгожы, экалагічна чысты.
Сёння ў Беларусі захаваліся прадпрыемствы, дзе керамічныя вырабы вырабляюць уручную. У Еўропе ж даўно наладжана "штампоўка" (масавы выпуск прадукцыі).
Выстава "Традыцыі і сучаснасць" прадстаўлена ў 2-х залах музея.
У першым - традыцыйныя беларускія рамёствы (разьба па дрэве, саломапляценне, кераміка):



У другім - нетрадыцыйныя, сучасныя па гучанні працы навучэнцаў IV курса па зададзенай тэме - "Вобразы талерак", прапанаванай маладым таленавітым выкладчыкам Сямашка Вольгай Анатольеўнай.

... Рэчы падобныя на сваіх гаспадароў...
...Мы тое, што мы ядзім....
... Як мы да ежы, так і яна да нас...





На свяце навучэнцы каледжа давалі майстар-класы па трох накірунках спецыяльнасці ДПМ:



Апроч іншага, "Ноч музеяў - 2012" ўпрыгожылі выступы спецыяльнасці "Харэаграфічнае мастацтва": кампазіцыя "Кантрасты" (пастаноўка Коўтун А. Д.) і "Рэчанька" (пастаноўка Аксёнавай Т. А.):

Яркімі былі сольныя нумары навучэнцаў спецыяльнасці "Інструментальнае выканальніцтва": Кругліка Максіма (гітара), Герасім Надзеі і Сыцевіч Вольгі (цымбалы).

Госці музея мелі ўнікальную магчымасць атрымаць асалоду ад атмасферы цяпла і святла, дакрануцца да прыродных матэрыялаў старажытных нацыянальных рамёстваў, адчуць захапленне прафесійным майстэрствам нашых навучэнцаў.

Удзел у Міжнароднай акцыі пераканаўча прадэманстравала, што наш каледж адкрыты для супрацоўніцтва з рознымі ўстановамі культуры і мастацтва, новых творчых праектаў, зносін, абмену досведам.

Пастаянны пошук, патрабавальнасць, пакуты і радасці творчасці, прафесійная сціпласць адрозніваюць выкладчыкаў спецыяльнасці "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва".
Няхай вам і вашым вучням спадарожнічае Поспех!

Арганізатары выставы - Навасёлава Валянціна Сяргееўна і Сямашка Вольга Анатольеўна.
Фотамастак - Веканор Татарыновіч.
Навасёлава В. С.
|